ПРАВА-вер’е

Як праваслаўная традыцыя ставіцца да ідэі правоў чалавека? Калі гаворка пра правы чалавека заходзіць у праваслаўным асяроддзі, то вельмі часта вернікі бываюць ці проста абыякавымі да гэтай тэмы, ці нават успрымаюць гэтую ідэю варожа. Чамусьці склалался так, што ідэя правоў чалавека лічыцца сярод шырокага кола праваслаўных бездухоўнай і нават антыхрысціянскай, звязанай з секулярнымі рухамі. Але ці так гэта насамрэч? Як мы можам ацаніць самую ідэю правоў чалавека з пункту гледжання Бібліі, праваслаўнага багаслоў’я і гісторыі? 

Права сілы і сіла права

Ідэя права паходзіць ад адмаўлення чалавечым грамадствам парадка «хто мацнейшы — таго і права». Чалавецтва досыць рана зразумела, што права мацнейшага прыводзіць да бязладдзя і апускае чалавека да ўзроўню жывёльнага свету. Бо закон прыроды менавіта такі: мацнейшы з’ядае слабейшага. Для чыста біялагічнага ўзроўню жыцця — гэта натуральна. Аднак чалавек не жывёліна і здольны да рэалізацыі ў сваім жыцці іншых падыходаў. Адзін з такіх — прынцып справядлівасці, праўды, права. Гэты падыход наўпрост не звязаны з біялагічнымі характарыстыкамі чалавека. 

Яшчэ ў 18 ст. да Хрыстовага нараджэння ў кодэксе законаў вавілонскага цара Хамурапі было запісана наступнае: «закон патрэбен для таго, каб моцны не крыўдзіў слабога». Калі нават ты і маеш сілу пакрыўдзіць, ты не павінен гэтага рабіць, каб не парушаць чалавечы закон справядлівасці. Такі прынцып грунтуецца на паняццях дабра і зла як усеагульных, абавязковых для ўсіх людзей прынцыпаў існавання. Фармуецца пэўная сістэма каштоўнасцяў жыцця чалавечага грамадства з вызначанымі ўяўленнямі пра належнае і неналежнае. Асноўныя запаветы сусветных рэлігій гавораць менавіта пра гэта: не крадзі, не забівай, не прычыняй шкоды і г.д. Гэтыя прынцыпы з найстаражытнейшых часоў пакладзены ў заканадаўства бадай што ўсіх народаў зямлі. 

Дух і права 

Па сутнасці, у аснове ідэі права ляжыць пытанне: што важней — дух ці матэрыя? Калі важней матэрыя і яе сіла, то натуральна прыгнятаць усіх матэрыяльна слабых і вельмі натуральна, напрыклад, «кулачнае права» ва ўсіх яго праявах. Гэта і ёсць натуральнае права жывёльнага свету.

Калі ж важнейшы — духоўны пачатак ў чалавеку, то матэрыяльныя характарыстыкі сыходзяць на другі план, а на першае месца ставіцца годнасць кожнага чалавека як каштоўнасць свяшчэнная. Менавіта Біблія гаворыць пра тое, што чалавек створаны на Божы вобраз і падабенства і гэты біблійны факт не паддаецца ацэнцы з пункту гледжання матэрыяльнай сілы ці магчымасцяў чалавека. Менавіта пры такім падыходзе ўзнікае ідэя роўнасці ўсіх людзей. 

Права як цуд

З’яўленне такога разумення права можна назваць сапраўдным цудам, які зноў і зноў мусіць паўтарацца ў кожным новым пакаленні і ў кожнай новай эпосе. Бо такі цуд магчымы толькі тады, калі дастаткова вялікая колькасць людзей вераць у перавагу маральных каштоўнасцяў над грубай сілай, вераць у магчымасць справядлівасці. Заняпад такой веры прыводзіць да з’яўлення дыктатур і войнаў. Таму грамадству і асабліва Царкве трэба клапаціцца пра захаванне веры ў перавагу ідэі годнасці чалавека і яго права над грубай матэрыялнай сілай і фізічным прымусам. Калі грубая сіла перамагае сама па сабе, бо мае адпаведныя біялагічнай магчымасці, то маральныя каштоўнасці могуць пераважаць толькі пры існаванні грамадскай сістэмы маральных каштоўнасцяў.

Такі падыход яскрава сцвярджаецца ва «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» (1948), пакладзенай у аснову многіх канстытуцый. Спрошчана кажучы, у аснове такой заканадаўча-прававой сістэмы ляжыць ВЕРА людзей у перамогу (няхай і няпоўную) дабра над злом на зямлі. Верыць у Бога азначае верыць у рэальную магчымасць сілы дабра і справядлівасці перамагчы зло, не даць яму распаўсюдзіцца, сцвердзіць годнасць чалавечай асобы. І менавіта рэлігія па самой сваёй сутнасці заклікана даваць арыентыры дабра і справядлівасці ў чалавечым мысленні і светаўспрыманні. 

Права і прававы прымус 

Барацьба са злом таксама ўключае прымяненне сілы і прымусу ў адносінах да носьбітаў і здзясніцеляў зла. А ў чым жа тады адрозненне ад «права мацнейшага»? Для прававой дзяржавы гвалт з’яўляецца не галоўным, а дапаможным прынцыпам. Гвалт прымяняецца дзяржавай у рамках закону і толькі ў дачыненні да парушальнікаў законаў. Але мы ведаем, што і законы могуць прымацца несправядлівыя, злачынныя, якія будуць сцвярджаць менавіта гвалт як рэалізацыю «права мацнейшага», відавочна ігнаруючы справядлівасць і прыніжаючы годнасць чалавека. Але адчуванне справядлівасці ўпісана нейкім чынам у самую прыроду чалавека. Чалавек ведае, што «права сілы» — памылковае, хоць яно і будзе ўпісана ў той ці іншы закон. У чалавека ёсць прыроджаная ці, правільней сказаць, дадзеная Богам інтуіцыя справядлівасці. 

Інтуіцыя права 

Пра людзей, якія інтуітыўна імкнуцца да панавання «права справядлівасці» над «правам  сілы» вельмі добра сказана ў самой Бібліі: «калі язычнікі, якія не маюць закона, па прыродзе законнае робяць, то гэтым паказваюць, што справа закона ў іх напісана ў сэрцах, пра што сведчаць iх сумленне і думкі, якія то апраўдваюць іх, то абвінавачваюць (Рым. 2:14–15).

Такі інтуітыўны закон таксама стаіць на варце права, якое ў заходняй філасофіі атрымала назву «натуральнага права». Гэта ўжо не біялагічная ці жывёльная натуральнасць (пры якой трэба ціснуцьж слабога), а менавіта натуральнасць, якая выдзяляе чалавека як чалавека. Наш біялагічны ўзровень быцця мусіць быць падпарадкаваны больш высокаму — чалавечаму пачатку. Толькі ў такім выпадку чалавек можа быць у пэўным сэнсе слова чалавекам. І гэтая чалавечая натуральнасць права мае сваё паходжанне, з біблейскага пункту гледжання, ў Творцы сусвету, Сусветным розуме, у Богу-Логасу. І гэты дар натуральнага права — усеагульны дар Нябеснага Айца ўсяму роду людскому. (Рым. 2:14–15).

Права як запаведзь 

Гасподзь Бог стварыў Сусвет і ўстанавіў законы — фізічныя і маральныя. Калі фізічныя законы спрацоўваюць аўтаматычна, то выкананне маральных законаў залежыць ад людзей, ад іх маральных і валявых намаганняў. Біблія, такім чынам, гаворыць не толькі пра тое, што было, але і пра тое, як павінна быць.

Парушэнне права як грамадскі грэх

Злыя намеры і злыя ўчынкі, якія ідуць за імі, а таксама ўсякая няпраўда выходзяць з сэрцаў чалавечых (Мц. 15:19). Такім чынам, сам чалавек ці група людзей здольныя стаць крыніцай зла для сабе падобных. Гэта, у сваю чаргу, можа прыводзіць да канфліктаў як на міжасобасным узроўні, так і на ўзроўні грамадскім, народным і міжнародным. Носьбітамі зла нярэдка аказваюцца нават дзяржавы. Гісторыя і сучаснасць ведае шмат такіх прыкладаў. Сацыяльная группа, партыя або цэлая дзяржава могуць ставіць сябе вышэй за чалавечую асобу, падпарадкоўваюць чалавека сваім інтарэсам, і такую з’яву можна назваць сацыяльным грахом ці злом інстытуцыянальным.

Сацыяльны грэх і выкліканае ім сацыяльнае зло выяўляюцца ў несправядлівым ладзе грамадскага жыцця, у няправедным парадку рэчаў, у карумпаванасці чынавенства, у ксенафобіі, эканамічнай дыскрымінацыі і інш. Сацыяльны грэх звязаны са скрыўленнем найважнейшага для жыцця грамадства паняцця справядлівасці. Справядлівасць — гэта праўда ў яе практычным, жыццёвым выразе. Праўда і справядлівасць гавораць аб тым, што і як павінна быць, і людзі, наколькі ўспрымаюць праўду, наладжваюць сацыяльную сістэму. Таму ў Бібліі мы бачым, што Гасподзь адабрае зямныя суды і заахвочвае нас супрацьстаяць сацыяльнаму злу. 

Абарона правоў чалавека ў Бібліі

Выбранне Аўраама здзяйсняецца для таго, каб яго нашчадкі чынілi праўду і суд (Быц. 18:18–19). Хрысціянская царква называе сябе новым Ізраілем, а значыцца, заклікана да здзяйснення спраў праўды і справядлівага суда. Згодна з класічным вызначэннем св. Фамы Аквінскага справядлівасць заключаецца ў «пастаяннай і цвёрдай волі аддаваць Богу і блізкаму тое, што ім належыць». 

У Святым Пісанні Старога Запавету асабліва шмат запаведзяў, якія прадпісваюць прытрымлівацца праўды і паступаць па справядлівасці. 

Адзначым, што Сам Гасподзь у Бібліі называецца Богам праўды (Іс. 30:18). Менавіта Ён сцвярджае справядлівасць (Пс. 98:4). А прарок Малахія наўпрост называе Госпада «сонцам праўды» (Мал. 4:2). Не варта баяцца адзіноты, калі ты на баку праўды: «Не ідзі за большасцю на зло, і не вырашай цяжбы, адыходзячы з большасцю ад праўды» (Вых. 23:2). 

Калі мы за праўду — значыць, мы з Богам. Пра гэта выключна важна памятаць суддзям: «Дароў не прымай; Бо дары відушчых робяць сляпымі і перакручваюць справу праўды» (Вых. 23:8). 

Асаблівая ўвага ў Старым Запавеце надаецца правам сацыяльна неабароненых людзей: сірот, удоў і прышэльцаў (Вых. 22:21–22; 23:9; Іс. 10:1–2; Ер. 22:3). Неабходна адзначыць, што старазапаветны закон абавязвае абараняць ад несправядлівасці не толькі сваіх сваякоў. Майсей падаў чалавецтву прыклад сапраўднага праваабарончага дзеяння, калі заступіўся за іншапляменных незнаёмых яму жанчын, пакрыўджаных ля студні пастухамі (Вых. 2:16–17). Многія жывыя істоты абараняюць сваіх дзіцянят, але толькі чалавек здольны абараняць іншых, зыходзячы не толькі з роднасных памкненняў, а з прынцыпу праўды, якую трэба адстойваць.

Слова «праўда» сустракаецца ў Бібліі больш за 200 разоў. Слова «справядлівасць» з яго вытворнымі — дзясяткі разоў. Такім чынам, гэта найважнейшыя паняцці Божага Адкравення. Нам не толькі абвяшчаецца збаўленне ў перспектыве вечнасці, не толькі прадпісваецца неабходнасць асабістай праведнасці, але і ставіцца ў абавязак адказнасць за тое, што адбываецца вакол нас у нашым звычайным чалавечым жыцці. 

Выкрыццё няпраўды як хрысціянская задача 

Адна з задач хрысціяніна — выкрыццё ўсялякай няпраўды. Больш за тое, Гасподзь заклікае не баяцца негатыўных наступстваў такога канфлікту, не баяцца ганенняў за праўду. Сёння, асабліва ў жыцці Беларусі, шмат прыкладаў, калі людзі церпяць за праўду катаванні, несправядлівыя зняволенні, выгнанне з Радзімы, звальненне з працы. Але варта памятаць, што Гасподзь менавіта з тымі, хто «прагне праўды». З дзевяці запаведзяў дабрашчаснасці (Мф. 5:1–12) дзве прысвечаны праўдалюбцам. Сам Хрыстос абяцае ім: «Шчаслівыя тыя, хто прагне праўды, бо яны насыцяцца» (Мц. 5:6). Пра тое ж вучыць апостал: «Але калі і пакутуеце за праўду, дык вы шчаслівыя» (1Пят. 3:14). Сам Хрыстос прама казаў пра тое, што Яго ненавідзяць за выкрыццё няпраўды і зла гэтага свету (Ян. 7:7). Ён адкрыта сведчыў аб няправедных справах першасвятароў і старэйшын.

Vox populi, Vox Dei 

Нарэшце, рэалізацыя прынцыпу справядлівасці, як і ўся паўната нашага жыцця, мае, паводле Святога Пісання, рэлігійны сэнс. У наш час задача ўсталявання сацыяльнай справядлівасці як бы дэлегавана дзяржаўным установам. Але дзяржава — гэта, па сутнасці, сукупнасьць нанятых чыноўнікаў, якія могуць вельмі памыляцца. Таму сумленнем нацыі дзяржава быць не можа. На гэтую ролю больш падыходзіць грамадская свядомасць у цэлым, носьбітам якой з’яўляецца грамадзянская супольнасць, якая ўключае ў сябе і рэлігійныя арганізацыі. Рэлігійныя арганізацыі, як і ўсе некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі, аддзелены ад дзяржавы, але не аддзелены ад грамадства. Таму голас Царквы, народа Божага, вернікаў павінен дапамагаць людзям адрозніваць дабро і зло ва ўсіх сферах жыцця, заахвочваць іх не толькі да маральнага ладу жыцця і асабістай дабрачыннасці, але і да клопату пра справядлівае ўладкаванне грамадства. Святары, як правіла, не ўдзельнічаюць у палітыцы на прафесійнай аснове, але звычайныя хрысціяне могуць быць членамі палітычных партый, дзяржаўных галін улады.

Тэрміны і рэаліі

У Бібліі не згадваюцца такія тэрміны як «прававая дзяржава», «правы чалавека», «грамадзянская супольнасць». У тагачаснай палітычнай культуры яшчэ не было такіх слоў. Але адсутнасць слоў не азначае адсутнасці рэалій. Натое нам і дадзены ад Бога сэрца і галава, каб вывесці з духа Бібліі адпаведныя маральныя імператывы. Далейшае — за нашай верай і мужнасцю. Хрыстос заклікае нас: мужайцеся! (Ян. 16:33)

Пры падрыхтоўцы матэрыяла быў выкарыстаны артыкул архімандрыта Веніаміна (Новіка) «Бог и право».

Добавить комментарий