Багаслоўскія падыходы да правоў чалавека
Ці вучыць хрысціянства пра правы чалавека?
Ці хрысціянская гэта справа — бараніць і адстойваць правы іншых людзей? Ці не ёсць гэты занятак, так бы мовіць, свецкай выдумкай, якая не мае ніякіх адносін да хрысціянскага жыцця? У Бібліі сапраўды няма такого словазлучэння «правы чалавека», але адсутнасць вызначэнняў не азначае адсутнасці сэнсу.
Таму давайце ўважлівей паглядзім на старонкі Святога Пісьма, на веравучэнне праваслаўнай царквы і высветлім, ці ёсць там тое, што сёння мы называем ідэяй «правоў чалавека».
Свецкія тэрміны і іх хрысціянскае разуменне
Для пачатку, каб не блытацца, давайце вызначымся з тэрмінамі. Калі мы гаворым «правы чалавека», то маем на ўвазе падыходы і прынцыпы, якія забяспечваюць і абараняюць годнасць і свабоду чалавека як дзіцяці Божага, як Яго вобраза і падабенства.
Парушыць нечыя правы азначае абыходзіцца з гэтым чалавекам як з нечалавечай істотай, не шанаваць у ім Божы вобраз і не даваць развіваць яму Божае падабенства яго прыроды.
Адстойваць правы чалавека азначае патрабаваць павагі да яго свабоды і годнасці, шанаваць яго богавобразнасць і даваць магчымасць рэалізацыі богападабенства яго прыроды. Адстойванне правоў чалавека мае на ўвазе таксама абарону правоў слабых перад моцнымі.
Багаслоўскія асновы дэкларацый правоў чалавека
Пачнём са сцвярджэння: ядро сучаснай ідэі правоў чалавека сыходзіць сваімі каранямі менавіта ў біблейскую веру!
Калі згадваюцца правы чалавека, многія думаюць, што правы чалавека вызначаныя у сучасных праваабарончых дакументах ААН і розных міжнародных дагаворах і дакументах — гэта ўсё прадукты так званых секулярных рухаў, якія пачаліся ў часы Французскай рэвалюцыі і ў часы стварэння ЗША. Гэтыя падзеі сапраўды прывялі да стварэння і абвешчання Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна ў Францыі ў 1789 годзе і Амерыканскай дэкларацыi незалежнасці 1776 года. Гэтыя дакументы лічацца першымі дакументамі, які афіцыйна сцвердзілі ідэю правоў чалавека.
Аднак з гэтых фактаў не вынікае, што канцэпцыя правоў чалавека паходзіць з гэтага перыяду. Узгаданыя дэкларацыі сталі кульмінацыяй шматвяковых разважанняў аб справядлівасці і абароне слабых супраць моцных, а таксама пра правы і абавязкі правіцеля ў адносінах да сваіх падданых.
Самыя старажытныя вядомыя тэксты, дзе згадваюцца гэтыя праблемы, сабраныя менавіта ў Бібліі, пра гэтыя праблемы больш за ўсё гаварылі старазапаветныя прарокі. Нягледзячы на тое, што тэрмін «правы чалавека» не сустракаецца нідзе ў Бібліі, нават многія даследчыкі нехрысціяне і атэісты лічаць, што паняцце правоў чалавека мае глыбокія біблейскія карані ці, па меншай меры, з’яўляецца моцна залежным ад біблейскіх каранёў. З гэтым згаджаўся нават Карл Маркс!
Рэнэ Касэн (René Cassin), адзін з першых членаў Камісіі ААН па правах чалавека, якая і распрацавала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, заявіў: «паняцце правоў чалавека паходзіць з Бібліі, са Старога Запавету, з Дзесяці Запаведзяў».
Доктар Барбара Эн Рыфер (Dr. Barbara Ann Rieffer) у рэцэнзіі на дзве кнігі аб рэлігіі і правах чалавека, спасылаючыся на Стары Запавет, зазначыла: «Біблейская ідэя пра неад’емнасць годнасці кожнага чалавека і абавязкі перад іншымі, у якіх мы бачым вытокі ідэі правоў чалавека, у рэшце рэшт была ратыфікавана і ўключана ў міжнароднае права ў 20-м стагоддзі».
Абгрунтаванне правоў чалавека ў асноўных хрысціянскіх дагматах
Хрысціянскае разуменне правоў чалавека абгрунтоўваецца літаральна з усіх асноўных дагматаў праваслаўнай царквы: з разумення прыроды Бога, сутнасці Збаўлення, погляду на істоту чалавека, на сэнс вучэння пра Божае Валадарства, на змест этычных прынцыпаў, на разуменне прыроды граху і зла.
Вучэнне пра Бога
Ва ўсёй Бібліі Бог апісваецца як Бог, які любіць усіх людзей і які асабліва клапоціцца пра бедных, слабых і прыгнечаных. Ён — найвялікшы абаронца і правоў чалавека, і яго годнасці. Усявышні сваім абсалютным аўтарытэтам Творцы сцвярджае правамоцнасць чалавека. Божая адданасць справядлівасці — неад’емная характарыстыка Яго прыроды. Ён абсалютна справядлівы і жадае панавання справядлівасці ў створанным Ім сусвеце. Праведнасць і праўда з’яўляюцца асновай Яго прастола і Яго Валадарства. Гэта паказана ва ўсёй Бібліі ў Божых дзеяннях. Ён любіць справядлівасць (Пс. 11:7, 33:5). Ён чыніць справядлівасць для ўсіх прыгнечаных (Пс. 103:6). Ён бачыць бяду і гора і з’яўляецца памочнікам сіротам (Пс. 10:14). Ён — прытулак для адкінутых (Пс. 9:9). Ён абараняе прышэльцаў (Другазаконне 10:18).
Яго справядлівасць адлюстравана ў тых законах і загадах, якія ён дае людзям. Гасподзь загадвае шукаць справядлівасці, недапускаць прыгнёту; абараняць сірату, заступацца за ўдаву (Іс. 1:17), абараняць справу слабых і сірот, падтрымліваць бедных, ратаваць слабых ад рук прыгнятальнікаў (Пс. 82:3–4). Бог жадае, каб клопат аб справядлівасці і абароне слабых таксама быў клопатам Яго людзей. Калі абраныя Iм забываліся на гэты запавет і парушалi справядлівасць, Бог праз усіх прарокаў заклікаў Ізраіль да выпраўлення і аднаўлення Божай праўды. Бог Бібліі — гэта Бог справядлівасці і любові.
Вучэнне пра збаўленне чалавека
Хрысціянская ідэя збаўлення ў разуменні праваслаўнага багаслоў’я мае на ўвазе не толькі індывідуальнае праабражэнне чалавечай асобы, але і праабражэнне жыцця свету вакол чалавека. Апостал Павел у пасланні да Рымлянаў (8:18–25) падкрэслівае, што не толькі людзі, але і ўсё стварэнне стогне ад наступстваў граху і чакае вызвалення з яго няволі. Пасланне да Эфесянаў сцвярджае, што Божая мэта — аб’яднаць усё на небе і на зямлі пад адной главой — Хрыстом. І гэтае яднанне не толькі справа будучыні, але і канкрэтнага жыцця кожнага канкрэтнага хрысціяніна. У пасланні да Каласянаў Павел тлумачыць, што смерцю Іісуса на крыжы Бог хацеў прымірыць з Сабою ўсё, што на небе ці на зямлі. Такім чынам, вынікі ўратавання не абмежаваліся толькі нейкім невядомым будычым, але рэалізуюцца і ў зямным жыцці чалавека. Бо менавіта ўпадзенне ў грэх і саюз са злом аказалi разбуральны ўплыў на адносіны чалавека з самім сабой, бліжнімі, навакольным асяроддзем і духоўным светам. Вышэйзгаданыя біблейскія ідэі паказваюць, што ўратаванне, якое прынёс Ісус, закранае не толькі унутраннае жыццё самаго чалавека ці яго тагасветную будучыню, а ўключае зямное жыццё і ўсе яго сферы. Хрыстова выратаванне вызваляе чалавека ад зла і знішчае ў яго жыцці справы д’ябла (1Ян. 3:8). Яно не абмяжоўваецца выключна рэлігійнымі ці выкшталцона духоўнымі аспектамі жыцця, але ўключае ў сябе звычайнае жыццё чалавека, яго працу, існаванне ў грамадстве, узаемаадносіны з іншымі людзьмі.
Хрысціянскае бачанне чалавека
Ідэя правоў чалавека прадугледжвае, што ў чалавеку ёсць штосьці такое, што робіць яго каштоўным і вартым абароны. Нешта адрознівае яго ад астатняга свету. Вось чаму большасць людзей пагодзіцца з тым, што забіваць і есцi жывёл дазволена, але гэтыя ж людзі пагодзяцца, што забойства чалавека і з’яданне яго было б асуджальным учынкам, які заслугоўвае строгага пакарання.
Правы чалавека даюць людзям права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду веравызнання, недатыкальнасць прыватнага жыцця, сходаў і г.д. Мала хто будзе выступаць за гэтыя ж правы жывёл або іншых частак стварэння. Агульнапрызнана, што ёсць нешта, што робіць людзей унікальнымі і вылучае іх.
На мове правоў чалавека гэта звычайна называюць чалавечай годнасцю. З пункту гледжання Бібліі тое, што адрознівае чалавека ад астатняга стварэння, заключаецца ў тым, што чалавек створаны паводле Божага вобразу і падабенства (Быц. 1:26). Гэты факт робіць чалавека вартым павагі і абароны (Быц. 9:6, Як. 3:9).
Яшчэ адна важная канцэпцыя правоў чалавека — роўнасць. З пункту гледжання правоў чалавека кожны чалавек мае роўныя правы і мае права на роўную абарону. Біблейскае ўяўленне аб тым, што годнасць чалавека вынікае з таго, што ён створаны паводле Божага вобразу, умацоўвае роўнасць усяго чалавецтва. Чалавек не варты абароны з-за якой-небудзь унікальнай характарыстыкі, якая адрознівае яго ад іншых людзей (пол, сацыяльна-эканамічны статус, прыналежнасць да расы ці народа і г.д.). Яму надае годнасць тое, што ў роўнай ступені падзяляюць усе людзі.
Ідэя правоў чалавека ў кантэксце вучэння пра Божае Валадарства
Божае Валадарства — гэта рэалізацыя і яўленне Божай волі ва ўсім стварэнні. Хрысціяне — праваднікі Божага Валадарства. Там дзе Валадарыць Хрыстос — няма месца ілжы, прыгнёту, несправядлівасці. Быць грамадзянінам Божага Валадарства азначае сярод іншага быць адданым Божай справядлівасці. Ісус вучыў у Нагорнай пропаведзі, што тыя, хто прымае Яго Валадарства, «жадаюць і прагнуць праўды», і іх праведнасць павінна быць не крывадушнай і фармальнай, а шчырай і сардэчнай. «Шукайце перш за ўсе Божага валадарства і праўды Яго» — кажа Хрыстос (Мц. 6:33). У малітве «Ойча наш» мы кажам: «Няхай будзе воля Твая, няхай прыйдзе Царства Тваё». Божая воля мусіць панаваць сярод няправеднага свету.
Але і ў Старым Запавеце мы знаходзім у Божых запаветах карціну ідэальнага грамадскага ўладкавання жыцця абранага народу. Ізраіль, згодна з Божай задумай, павінен быў стаць грамадствам, заснаваным на справядлівасці (Другазаконне 16:19–20), эканамічнай роўнасці і абароне слабых і ўразлівых (Другазаконне 15). Божыя законы абмяжоўваюць уладу цара.
Хрысціянская этыка і ідэя правоў чалавека
Усе дактрыны, згаданыя да гэтага моманту, маюць наступствы для хрысціянскіх паводзін ці, інакш кажучы, уплываюць на хрысціянскую этыку і светапогляд. Аднак важна коратка разгледзець Хрыстоў запавет, які названы Iм «найвялікшым» (Мц. 22:38–39) і «найважнейшым» (Мк. 12:29–31). Запаведзь, на якой трымаецца ўвесь Закон і Прарокі (Мц. 22:40): «любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».
Немагчыма выканаць першую частку гэтай запаведзі (любі Бога), не выканаўшы запавет пра любоў да бліжняга. Апостал Ян у сваім першым лісце рэгулярна звязвае любоў да Бога з любоўю да бліжняга. Ён рашуча сцвярджае, што калі мы не любім адзін аднаго, мы не ведаем Бога (1Ян. 4:7–8), і што калі хтосьці кажа, што любіць Бога, але не любіць свайго брата, ён хлус (1Ян. 4:20). Апостал Ян рэзюмуе гэтае вучэнне, кажучы: «[Бог] даў нам такі загад: хто любіць Бога, павінен любіць і брата свайго».
Калі Ісуса спыталі, што значыць любіць бліжняга, Ён адказаў прытчай пра міласэрнага самараніна (Лк. 10:25–37). У прыпавесці Ісус паказвае, што запаведзь любові адносіцца не толькі да сяброў, але і да тых, каго вы лічыце чужымі ці нават сваімі ворагамі (Лк. 6:27–36). Ён ставіць запаведзь любові ў кантэкст дапамогі чалавеку, які стаў ахвярай гвалту і застаўся слабым і безабаронным.
Хрысціянскае вучэнне пра ўладу
Апостал Павел у пасланні да Рымлянаў (13:1–7) і апостал Пётр у сваім першым пасланні (2:13–17) тлумачаць, што Бог устанавіў дзяржаўную ўладу дзеля наступнай мэты: каб было пакарана зло і каб было ўхвалена тое, што правільна (Рым. 13:3, 1Пят. 2:14).
У часы Старога Запавету Бог выкарыстоўваў прарокаў, каб выкрываць адступленні Ізраіля або цара, калі яны парушалі Яго запаветы і ўсталёўвалі несправядлівы грамадскі строй. У Новым Запавеце Ісус таксама папракае несправядлівасць і няправеднасць кіраўнікоў народу Ізраільскага. Гэта мы бачым у евангеллях, калі Ён дае характырыстыку Іраду, калі выганяе гандляроў з храму, калі дае ацэнку дзейнасці першасвятароў і духоўных лідараў Ізраільскга народу.
Хрыстова Царква таксама заклікана выконваць у жыцці грамадства падобную прароцкую ролю, каб нагадваць урадам і ўладам пра іх абавязак падтрымліваць тое, што правільна, караць тое, што няправільна, а не наадварот.
Паколькі большасць краін больш не працуюць як тэакратыі і ўлады цяпер у асноўным грунтуюць сваю ўладу на свецкіх канцэпцыях дэмакратыі і вяршэнства права, царква не павінна абмяжоўвацца выкарыстаннем толькі біблейскай мовы пасланняў (Рымлянам 13 і 1 Пятра 2) у сваёй ролі ў грамадстве. У большасці выпадкаў мова справядлівасці, роўнасці і правоў чалавека цалкам адпавядае біблійнаму пасылу.
Праблематыка правоў чалавека і хрысціянскае разуменне граху і зла
З Бібліі мы бачым, што вынікі грэхападзення не абмежаваліся толькі адносінамі паміж чалавекам і Богам, але закранулі ўсё стварэнне. У выніку мы жывем у эгаістычным свеце, у якім многія імкнуцца дамагчыся свайго і здзяйсняць уласныя жаданні, нават калі дзеля гэтага трэба пераступіць цераз правы і патрэбы іншых людзей. Гэта свет, дзе існуе несправядлівасць і эксплуатацыя бедных, маргіналізаваных і слабых.
Нашаму грамадству патрэбныя законы, каб трымаць людзей адказнымі і абараняць слабых і ўразлівых ад мацнейшых. Існуе патрэба ў нацыянальных законах для абароны асобных людзей і груп, а таксама ў міжнародным праве, якое абараняе слабыя нацыі ад больш магутных.
Акрэм законаў, патрэбны людзі, якія будуць заўсёды кантраляваць, як гэтыя законы і правілы выконваюцца. Ці дасягаюць яны сваёй мэты, ці не спрабуюць іх змяніць на карысць моцных. Па сутнасці нашай веры хрысціяне павінны быць сярод тых людзей добрай волі, якія бароняць справядлівасць і праўду.