Да дня памяці беларускiх навамучанiкаў
На канец кастрычніка, пачатак лістапада прыпадае святкаванне памяці беларускіх навамучанікаў. У 1937 годзе менавіта на гэтыя даты прыйшлася найбольшая хваля забойстваў і арыштаў святароў і вернікаў у Беларусі. Дзень памяці навамучанікаў быў усталяваны ў беларускім царкоўным календары з 2011 года. Больш за ўсіх пра гэта хадайнічаў святой памяці Гродзенскі архіепіскап Арцемій (Кішчанка), і яго прапанова была падтрымана мітрапалітам Філарэтам (Вахрамеевым).
Здавалася, што царкоўны кансэнсус адносна ролі і шанавання навамучанікаў быў дасягнуты, але апошнія падзеі жыцця Беларускай праваслаўнай царквы паказваюць іншае.
У Гродзенскім кафедральным саборы пачаўся вельмі характэрны працэс замены ікон навамучанікаў, якія калісьці там размесціў архіепіскап Арцемій.
У чым своеасаблівасць сітуацыі?
Іконы, якія былі напісаныя для Гродзенскага сабору пры архіепіскапе Арцеміі, змяшчаюць не толькі выявы ўласна святых, але і паказваюць абставіны іх пакутніцкай смерці. Разглядаючы гэтыя абразы, можна бачыць і тых, хто судзіў, катаваў і забіваў… На абразах побач са святымі лёгка пазнаюцца чырвонаармейцы, камісары, нквдзісты, савецкія функцыянеры. Уражваюць і самыя абставіны гібелі пакутнікаў — хтосьці падае ў ваду з камянём на шыі, хтосьці гарыць падпалены ў сваім доме, хтосьці стаіць у растрэльным шэрагу, хтосьці гіне ад холаду і голаду ў турэмнай камеры ці ў лагеры…
Іконы адлюстроўваюць хрысціянскае сведчанне пакутнікаў і самыя сабою яскрава сведчаць пра змаганне святых з праявай відавочнага д’ябальскага зла ў часы іх жыцця. Пакутнікі становяцца ахвярамі барацьбы не з нейкай абстрактнай ці выпадковай формай зла, а менавіта з тым канкрэтным злом, якое знайшло сваю праяву ў форме савецкага камунізму і бальшавізму. Бязбожная, антычалавечая ідэалогія спакусіла тысячы людзей і падштурхнула іх да забойстваў, катаванняў, стварэння гулага, галадамора, мільёнаў даносаў, адмовы ад свабоды і праўды. Навамучанікі, будучы сапраўднымі вучнямі Хрыста, не маглі пайсці на саюз з антыхрыставай ідэалогіяй і заплацілі за гэта сваёй крывёй і жыццямі.
Акрэм Хрыста і Божай Маці святой памяці архіепіскап Арцемій больш за ўсё ў сваіх пропаведзях гаварыў на тэму пакаяння і ўсведамлення д’ябальскага жаху таго бязбожнага, антыхрысціянскага і антыгуманнага па самой сваёй сутнасці строю. Іконы, па яго задуме, мусілі яскрава і відавочна сведчыць пра тое, з якім злом пакутнiкi змагаліся і пры якіх абставінах аддалі свае жыцці за Хрыстову праўду і любоў да бліжніх. Ён адчуваў пагрозу, што гэтую памяць могуць паспрабаваць зацерці, змяніць, прыхаваць. Уладыка выдатна разумеў — нераскаянае зло вяртаецца з яшчэ большай сілаю, як мы і чытаем у Евангеллі: «Тады ідзе (дэман) і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му» (Мф. 12:45).
Яскравае сведчанне абразоў навапакутнікаў у Гродзенскім саборы, выкрыццё канкрэтнага гістарычнага зла прадказальна не давала пакою тым, хто так ці інакш суаадносіў сябе са «светлай савецкай мінуўшчынай». Ідэолагам, шанавальнікам камунізму, рознага кшталту царкоўным прыстасаванцам гэтыя абразы ў Гродзенскім саборы былі як заноза ў воку. Уладыку Арцемію прыйшлося спазнаць і прамыя пагрозы, і шантаж, і паклёпы, і рознага кшталту маніпуляцыі, накіраваныя на тое, каб прымусіць яго прыбраць гэтыя іконы. Шмат для каго такое прамое і яснае сведчанне было невыносным, як для кожнай цемры невыноснае святло праўды. Самай прыкрай сітуацыяй было, бадай, калі па замове ідэолагаў у Гродна прыехала царкоўная камісія, якую ўзначальваў тады епіскап Барысаўскі, а цяпер мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Камісія, як памятаю, тады прыйшла да высновы «на агульнацаркоўным узроўні падняць пытанне пра мэтазгоднасць знаходжання такіх ікон навапакутнікаў у Гродзенскім саборы». Але на той час мітрапаліт Філарэт не даў ходу гэтай справе.