Правы чалавека і праваслаўная царква ў глабальным свеце

Фото: eparhia-saratov.ru

Ці магчыма праваслаўным цэрквам прыняць маральныя прынцыпы правоў чалавека ў іх свецкай і аўтаномнай версіі як аснову свайго ўдзелу ў грамадскім жыцці глабальнага свету?

Праваслаўныя багасловы і іерархі выказвалі розныя і ва многіх выпадках супярэчлівыя погляды на гэты конт. Іх удзел у барацьбе за правы чалавека не быў аднастайным і паслядоўным ва ўсіх краінах. Тыя праваслаўныя цэрквы, якія жывуць як меншасці ў пераважна неправаслаўных кантэкстах, большай часткай схільныя да захавання правоў чалавека, асабліва калі ад гэтага залежыць свабоднае вызнанне іх веры. У той жа час вялікія нацыянальныя цэрквы, як правіла, альбо абыякавыя, альбо крытычныя да гэтага канцэпту і нават адмаўляюцца ад яго як ад супрацьлеглага палажэнням праваслаўнай веры. Такая пазіцыя ў галіне правоў чалавека адлюстроўвае аспекты жыцця царквы, змешаныя з мясцовымі культурамі, традыцыямі і палітычнымі ўплывамі, а ў некаторых выпадках з «асабістымі інтарэсамі» атрымання прывілеяў і ўлады ў сваіх грамадствах.

Любая багаслоўская ацэнка канцэпту правоў чалавека павінна ўлічваць, што яны не з’яўляюцца тэалагічнымі або рэлігійнымі тэкстамі, створанымі па ініцыятыве нейкай канкрэтнай рэлігійнай супольнасці або хрысціянскай царквы. Правы чалавека, хутчэй, адлюстроўваюць калектыўную рэакцыю міжнароднай палітычнай супольнасці ў адказ на злачынствы і дыскрымінацыйныя практыкі, якія здзяйснялі рэпрэсіўныя рэжымы і таталітарныя ідэалогіі падчас і пасля Другой сусветнай вайны. Правы забяспечваюць неабходныя палітычныя і маральныя прынцыпы, свабодныя ад якіх-небудзь метафізічных прэтэнзій ці абгрунтаванняў, каб усе нацыі і супольнасці, незалежна ад іх рэлігійных, ідэалагічных і культурных традыцый, маглі прыняць і ўкараніць іх у сваёй канстытуцыйнай і прававой сістэме.

Свецкая арыентацыя правоў чалавека ставіць перад цэрквамі складанае пытанне аб тым, ці можна распазнаць у іх дыскурсе некаторыя аспекты хрысціянскай веры аб святасці і годнасці ўсіх людзей. Ці адлюстроўваюць яны, скрыта ці відавочна, фундаментальныя аспекты хрысціянскага Евангелля? Простая спасылка царквы на правы чалавека, заснаваная толькі на іх палітычным і юрыдычным укладзе ў стварэнне больш гуманнага і мірнага свету, мела б для хрысціянскай свядомасці тэалагічны дэфіцыт. Гэта азначала б адмову царквы ад сваіх тэалагічных патрабаванняў і прывяло б яе да маўклівага прыняцця чыста секулярных пастулатаў.

Як жа бачыць ідэю правоў чалавека ўласна праваслаўнае багаслоў’е? Ці заўважны ў сучасным свеце праваслаўны ўклад у культуру правоў чалавека? Адразу скажам, што ў адказе на гэтае пытанне недастаткова толькі чыста тэалагічнага абгрунтавання гэтай ідэі, бо ўсё даказваецца не столькі словамі, колькі справамі. Відавочна, што праваслаўным цэрквам трэба паслядоўна і актыўна працаваць над усведамленнем ідэі правоў чалавека, над яе багаслоўскім асэнсаваннем, а таксама прымаць актыўны ўдзел у справах іх дзейснай абароны і захавання.

Часта гучыць такі аргумент, што праваслаўная царква не мусіць займацца правамі чалавека, бо мае эсхаталагічную накіраванасць і цэнтр свайго жыцця ў Літургіі. Але гэта не можа апраўдаць сацыяльнай абыякавасці і пасіўнасці да несправядлівасці, гвалту і прыгнёту. Літургічнасць і эсхаталагічнасць наадварот ёсць крыніца духоўнага натхнення ў выхаванні цэласнай і прасветленай асобы з адкрытым розумам і чулым сэрцам, каб у імклівай любові прыняць і клопат пра кожнага, хто пакутуе, і аб усім Божым стварэнні.

У праваслаўнай традыцыі немагчыма ўспрымаць ідэю правоў чалавека па-за кантэкстам унутраных адносін чалавека з Богам. Прызнанне правоў чалавека можа грунтавацца толькі на веры ў боскае паходжанне чалавецтва, у яго непарыўную сувязь з Творцам. Годнасць і адзінства чалавецтва грунтуецца на прызнанні біблейскага факта стварэння чалавека, на веры ў богаўцялесненне Госпада Іісуса і на веры ў «Адзінага Бога і Айца ўсіх людзей, Які над усімі, праз усіх і ва ўсіх» (Эф. 4:6).

Усе людзі — нягледзячы на іх відавочныя культурныя, нацыянальныя, расавыя і рэлігійныя адрозненні — надзелены неад’емнай годнасцю, якая адлюстроўвае іх якасныя адносіны з Богам.

Такім чынам, у свецкім бачанні канцэпт ідэі правоў чалавека і абавязак іх абароны ідзе як бы знізу, ад самаго чалавека, ад жадання прадухіліць горшае ў жыцці чалавечага грамадства. У кантэксце ж тэалагічным ідэя правоў чалавека паходзіць ад Бога, Які дае кожнаму чалавечаму індывіду неад’емнае права і годнасць. І гэтыя два падыходы не супярэчаць адзін аднаму. Праваслаўнае багаслоў’е можа прызнаць і прызнае секулярную канцэпцыю правоў чалавека як цалкам адэкватны адказ на «канкрэтныя гістарычныя патрэбы», якія вызвалілі чалавецтва ад падаўляючага падпарадкавання яго сацыяльна-палітычным ці нават рэлігійна-ідэалагічным структурам, што спрыялі прыніжэнню чалавечай роўнасці і годнасці. Свецкае разуменне правоў чалавека можа быць важнай абаронай ад магчымай дэгенерацыі чалавечых адносін.

Такая палітычная супольнасць, якая прызнае нарматыўную важнасць правоў чалавека і рэалізуе іх у сваёй канстытуцыйнай і прававой сістэме, адпавядае бачанню царквою быцця грамадства як супольнасці, якое супрацьстаіць злу і паважае кожнага чалавека як унікальнага, незаменнага і створанага па вобразу Бога. У праваслаўнай антрапалогіі зло ў першую чаргу разумеецца як вынік негатыўнага выкарыстання свабоды, дару, які Бог даў кожнаму чалавеку. Хрысціянскае бачанне чалавечай асобы павінна дапамагчы людзям у іх асабістым і грамадскім жыцці, распрацоўваць спосабы абмежавання зла і пашырэння магчымасцей для выяўлення дабра.

Царква усведамляе сваю незямную прыроду, але пры гэтым прысустнічае ў свеце і не аддзяляецца ад яго праблем і выклікаў, не аддзяляецца ад чалавечага гора і пакутаў. Такая пазіцыя прадугледжвае набыццё навыкаў зносін, якія дазваляюць удзельнічаць у сумесных абмеркаваннях і дзеяннях з іншымі культурнымі і рэлігійнымі супольнасцямі ў фарміраванні супольнага жыцця ў святле глабальных культурных і сацыяльных рэалій.

Праваслаўныя цэрквы, як і ўсе іншыя хрысціянскія цэрквы, рэлігійныя канфесіі і свецкія супольнасці ў дэмакратычных грамадствах карыстаюцца свабодай дыялогавага выказвання свайго разумення агульнага дабра, яго зместу і спосабаў яго дасягнення ў плюралістычным грамадстве. У такіх дэмакратычных і дыялогавых умовах нікому не дазваляецца выкарыстоўваць сродкі прымусу з боку дзяржаўнага апарату з мэтай навязвання суразмоўцам сваіх пэўных перакананняў і практыкі. Павага да свабоды іншых верыць так, як яны вераць, з’яўляецца асновай дэмакратычнага грамадства і мірнага і справядлівага суіснавання. Розныя веравызнанні ў плюралістычных грамадствах не павінны выклікаць «ніякіх сумненняў адносна таго, што яны валодаюць роўнасцю і правамі, уласцівымі чалавечаму існаванню ў выніку нязмыўнай пячаткі вобраза Божага».

Мэта дыялогавай прысутнасці і ўдзелу праваслаўных цэркваў у жыцці грамадства павінна спрыяць, разам з іншымі рэлігійнымі, філасофскімі, культурнымі і палітычнымі супольнасцямі, развіццю «ўзаемнага кансенсусу» адносна агульнага дабра, які дазваляе ўсім жыць ў міры і справядлівасці. У грамадскай сферы стварэнне агульнага дабра будуецца на сцвярджэнні агульных палітычных каштоўнасцяў, а не на святых тэкстах і вучэннях якой-небудзь канкрэтнай рэлігійнай традыцыі. У такім кантэксце царква павінна выкарыстоўваць мову сваёй веры так, каб яна была зразумелай і прымальнай усім іншым удзельнікам дыялогу, а не транслявала выключна сваю веравызнаўчую традыцыю.

У некаторых выпадках гэта можа быць зроблена без якіх-кольвек заяваў і дыскусій, наўпрост праз падтрымку царквою найбольш уразлівых сацыяльных груп ці тых, каго пераследуюць. Заўсёды існуе верагоднасць таго, што не ўсе прызнаюць важнасць праваслаўнага багаслоўскага і этычнага ўкладу, але гэта ні пры якіх абставінах не прымяншае яго важнасці і каштоўнасці, бо гэта тое, што матывуе нас саміх і тлумачыць нам важнасць абароны праўды і справядлівасці.

Эсхаталагічная скіраванасць праваслаўнай веры не дазваляе царкве быць апалагетам якой-небудзь нацыянальнай і расавай ідэалогіі, палітычнага ладу, эканамічнай тэорыі і практыкі ці нават правоў чалавека, бо ўсе яны закрануты паўсюднай разбуральнай прысутнасцю зла. Якая тады функцыя царквы ў грамадскай сферы, калі яна не можа, з аднаго боку, цалкам падтрымаць ніякай палітычнай і эканамічнай сістэмы ні, з іншага боку, цалкам адхіліць іх, калі заўважыць у іх сляды Божага Духа? Хрысціяне могуць быць адданымі фундаментальным ідэям дэмакратыі і правоў чалавека і пры гэтым мець магчымасць бачыць іх тэарэтычныя недахопы або недахопы іх практычнай рэалізацыі. Хрысціяне, па сутнасці сваёй, мусяць быць крытыкамі, бо для іх каштоўнасці больш важнейшыя за эканамічны ці палітычны прагматызм, уласцівы любому канкрэтнаму палітычнаму праекту. Хрысціянская крытыка служыць таму, каб вярнуць супольнасць да лепшай прыроды.

Добавить комментарий